Як стваралася серыя шопераў "Уласны ключ"!
Як стваралася серыя шопераў "Уласны ключ"!
ПАЧАТАК
Мы ў «Музычнай скарбонцы» пастаянна ў пошуку цікавых навінак і ідэя выпусціць шоперы, як рэч, карысную музыкантам, знаходзілася ў распрацоўцы ўжо больш за год, як мінімум. Праблема была ў тым, каб знайсці тую самую канцэпцыю ў дызайне, якая зможа падысці большасці музыкантаў і ярка падкрэсліць асаблівасці некалькіх вялікіх груп. І нарэшце ўсё склалася! У чэрвені ў нашым Інстаграме выйшаў ролік пра батл з альтовым ключом і праз некалькі дзён пасля яго выхаду ў нашым калектыве здарыўся чарговы раўнд абмеркавання ідэй для новых праектаў, на якім і з'явілася ідэя зрабіць серыю шопераў з ключамі і іранічнымі надпісамі. Ідэя з'явілася ў нашай супрацоўніцы Патрыцыі Свіцінай, якая зачапілася за радкі:
А, не, ўсё не так, проста калі выбіралі імя
Зразумела адразу было што ты толькі «альтэрнатыўна» здольны
У той жа момант нам стала зразумела, што гэта яно і мы пачалі працаваць у знойдзеным кірунку. Гэта была шматдзённая і шматгадзінная праца, у працэсе якой мы перабіралі варыянты канцэпцый, думалі, якія падабраць словы, як звязаць усё адной ідэяй. Вынікам усіх высілкаў і стала серыя «Уласны ключ», у якой мы ўзялі за аснову назву кожнага ключа і ўключылі асноўную частку гэтых назваў у іранічныя прыметнікі (у выпадку альтовага ключа — прыслоўе), дадаўшы ў кожнае слова візуальную змену. Знойдзеныя словы («Альтэрнатыўна здольны», «Баскультурны» і «Скрыповы») і дазволілі нарэшце з'яднаць усе тры варыянты ў адну серыю, якую ў будучым можна будзе пашыраць (бо тры гэтыя ключы хоць і асноўныя, але існуюць і іншыя). Вынік першых намаганняў па пошуку падыходзячых ідэй можаце паглядзець на фота ніжэй, мы клапатліва захавалі для гісторыі гэтыя зробленыя ад рукі накіды:

РАСПРАЦОЎКА
Наступным этапам мы звязаліся з нашай пастаяннай дызайнеркай Лізаветай Марцінчык, апісалі ёй канцэпцыю і азадачылі зрабіць прыгожа, бо нарадзіць ідэю — гэта адна справа, а вось ажыццявіць яе ярка і дакладна — зусім іншая. Працэс таксама заняў некалькі тыдняў, але мастацкае бачанне Лізаветы і нашыя намаганні паўнавартасна апісаць ідэю па выніку далі плён. Каб вы маглі пераканацца, што канчатковыя выявы не нарадзіліся самі сабой у адно імгненне, ацаніце колькасць ітэрацый аднаго толькі дызайну з альтовым ключом:

Па выніку ключавыя асаблівасці кожнага з дызайнаў атрымаліся наступныя:
1) Басовы ключ выкананы ў стылі графіці, ад рукі, а ніжэй знаходзіцца слова «БЕСКУЛЬТУРНЫ», напісанае строгім шрыфтам як заўвага, штамп чалавеку, якога лічаць такім. У адказ гэта слова выпраўлена тым самым умоўным парушальнікам як выклік і дэманстрацыя, што ягонае непадпарадкаванне звязана з любоўю да свайго ключа і адмаўленнем ад нормаў.
2) Скрыпічны ключ выкананы ў страшным, вампірскім і спустошаным стылі, ключ вуглаваты, як бы схуднелы і вакол яго нават ужо з'явілася павуцінне. Слова «СКРЫПОВЫ» складаецца з асноўнай часткі «КРЫПОВЫ» (слэнгавае слова ад англ. creepy — жудасны) і літары «С», якая адначасова і сама з'яўляецца монстрам і дзякуючы злучэнню з асноўным словам дае сувязь са скрыпічным ключом, які ў агульнай карціне і пераўтвараецца на той самы скрыповы.
3) Альтовы ключ выкананы ў нервовым, неўраўнаважаным стылі. Словазлучэнне «АЛЬТЭРНАТЫЎНА ЗДОЛЬНЫ» паказвае незвычайнасць ключа, ягоную рэдкасць і рэзкае адрозненне ад іншых. Гэтая ідэя дапаўняецца адхіленнем і зменай шрыфту часткі «АЛЬТ» у той час калі працяг словазлучэння намагаецца зрабіць выгляд нармальнасці і кантролю. Узмацняецца эфект праз такое ж экспрэсіўнае выкананне самога ключа разам з лінейкамі і іх нахіленне ад асноўнага надпісу ўжо ў зваротны бок.

ВЫТВОРЧАСЦЬ
Падчас фіналізавання дызайнаў мы паказвалі раннія эскізы нашым сябрам і некаторым пастаянным кліентам каб больш цвяроза ацаніць перспектыву такога запуску і, да нашай палёгкі, водгукі аказаліся строга пазітыўнымі, таму паўстала пытанне вытворчасці. Улічваючы што гэта эксперыментальны праект для нашай крамы, было прынята рашэнне на гэтым этапе рабіць друк на ўжо гатовых шоперах каб макісмальна ўдала збалансаваць у вечнай дылеме «цана/якасць». Пошук па вытворцах у інтэрнэце асаблівага выніку не даў, бо цэны ў Мінску ў розных арганізацый адрозніваецца літаральна ў разы, але лёс нам тут у чарговы раз дапамог! Мы пачалі абзвоньваць сваіх сяброў, якія хоць тэарэтычна маглі быць звязаныя з такім бізнесам і праз знаёмага-знаёмага-знаёмага нам параілі звярнуцца ў цэнтр другу FoxStyle. Па выніку гэта аказалася правільным рашэннем, бо спецыялісты адтуль далі вельмі добрую кансультацыю і прапанавалі камфортныя ўмовы супрацы. Перад вырабленнем цэлай партыі былі патрэбныя 3 тэставыя шоперы для прэзентацыйнай фотасесіі і спецыялісты цэнтра вельмі адказна паставіліся да гэтай задачы. У працэсе спатрэбілася некалькі эксперыментаў з тэхналогіяй выраблення, бо, як не іранічна, больш якасная тканіна, якую мы абралі для шопераў, горш паддаецца суцэльнай задрукоўцы і ідэальныя ўмовы для нанясення знайшліся не адразу. Але па выніку задача была выканана!
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

Апошні этап самы хвалюючы — трэба падрыхтаваць фота, відэа і з усёй сілы спадзявацца, што серыя шопераў «Уласны ключ» сапраўды адгукнецца у пакупнікоў! З фотасесіяй усё склалася даволі ўдала — праз Трэдс мы знайшлі выдатнага Юрыя Федарэнку, а ў якасці мадэляў запрасілі музыкантаў гурта Росквіт — Ганну, Ксенію і Аляксандра. Вынікі гэтай фотасесіі вы можаце назіраць у гэтым артыкуле, нашым Інстаграме і картках шопераў прама тут, на сайце. Відэа рыхтаваліся ўжо сваімі сіламі, ну а прэзентацыя і старт продажаў адбываецца ўжо прама сёння, 7 жніўня, ў нашым шоўруме (калі вы чытаеце гэта прама сёння, канешне).
ВЫНІК
Хочацца верыць, што гэты праект стане прарыўным у гісторыі «Музычнай скарбонкі», бо шукаць цікавосткі у замежных вытворцаў і прывозіць іх у Беларусь — гэта цікавы працэс, але зрабіць нешта сваё — нашмат больш каштоўна. Мы ўклалі ва «Уласны ключ» любоў, энергію і творчасць вялікай колькасці людзей і спадзяёмся, што вам яны спадабаюцца. Аформіць заказ на шоперы вы можаце прама на нашым сайце па наступных спасылках ніжэй. Па промакодзе ARTYKUL атрымлівайце зніжку ў 10% на любы з шопераў.